Новости проекта
Лето на финише, а мы — на старте нового учебного года!
С окончанием учебного года!
Выставление четвертных отметок
Согласование ГИАЦ
Аттестат соответствия системы защиты информации
Архив электронного дневника.
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 3 человека

Параф’янаўскае гета: старонкі існавання і ліквідацыі

Дата: 4 мая 2019 в 10:46, Обновлено 19 сентября 2023 в 12:49

Параф’янава да вайны было мястэчка заможнае. Тут пражывала вялікая колькасць яўрэяў. Крамы, што былі на станцыі, таксама з’яўляліся пераважна яўрэйскімі.

Януковіч (Дамінеўская) Галіна Канстанцінаўна ўспамінае: “Я хадзіла ў школу разам з яўрэямі. На ўрокі рэлігіі прыязджаў і ксёндз, і бацюшка, і равін.

Адным з самых вядомых яўрэяў у мястэчку быў Кастроль. Ён жыў у Параф’янаве і пасля вайны. Так атрымалася, што ляснічы паведаміў яму і яго брату, што яўрэяў збіраюцца сагнаць у гета. Таму тыя паспелі ўцячы. Яны сталі членамі партызанскага атрада.

У нас былі дзве каровы. Адну мой бацька прадаў яўрэю, упраўляючаму спіртзавода. Калі іх пачалі зганяць у гета, прыйшоў гэты яўрэй да нас з просьбай: “Ой, Дамінеўскі, забяры ты сваю карову назад, можа, хоць малака калі дасі. Ты пастаў хоць якую галаву замест яе.” Бацька купіў іншую карову, завёў ноччу, замяніў. Ён быў у вельмі добрых адносінах з яўрэямі, заўсёды іх абараняў. Як прыйшлі бальшавікі, у нас усё было павязана ў вузлы, чакалі з дня на дзень што вывезуць нас як кулакоў. І толькі дзякуючы яўрэям нашу сям’ю не вывезлі. Яны вельмі паважалі майго бацьку. Страшны быў час.

Увогуле, адзін з вышэйшых пастоў у мястэчку займаў таксама яўрэй, Арон Левітан. Яго ж немцы і забілі першым, калі прыйшлі ў мястэчка.

Дом, дзе размяшчалася  гета​

Інфармацыю  пра знішчэнне параф’янаўскага гета Вольга Адамовіч, выпускніца Параф’янаўскай СШ, падчас свайго даследавання знайшла ў кнізе ізраільскага псіхолага Бар-Она “Спадчына маўчання”. У гэтую кнігу ўваходзяць успаміны дзяцей тых людзей, што непасрэдна ўдзельнічалі ў страшнай справе Халакосту ў якасці выканаўцаў. Вось вытрымка з гэтай кнігі, што змяшчае размову з Рудольфам, сынам немца, які быў пасланы ў Параф’янава падчас вайны.

“Я нарадзіўся 4 красавіка 1930 года ў Вапертале, сын беспрацоўнага тэкстыльнага рабочага. Мой бацька ў той час не працаваў. Да таго як ён страціў працу, ён быў майстрам на тэкстыльнай фабрыцы. Аднак тады была вялікая колькасць беспрацоўных у гэтай мясцовасці і яго таксама звольнілі.

Пасля бацька знайшоў новае месца працы. Ён быў назначаны рабочым на чыгунцы, яго пасылалі ў Расію і Польшчу. Калі больш дакладна, то ён быў пасланы ў Параф’янава. Гэта паміж  Вільняй і Смаленскам. Ён працаваў, як гэта называлі падчас вайны, у якасці памочніка камандзіра рабочай групы. Быў вызначаны раён чыгункі, за які ён быў адказным. Гэта было паміж Параф’янава і Смаленскам, штосьці каля 300-500 км. Я не магу даць вам канкрэтную лічбу. Яго работа заключалася ў падтрыманні гэтага ўчастка чыгункі, які часта атакавалі партызаны.

Але самае важнае, што так паўплывала на мяне, было тое, пра што ён мне расказаў пасля свайго вяртання. У Параф’янаве было яўрэйскае гета. Шмат яўрэяў было сабрана разам і сканцэнтравана ў гэтым раёне, дзе ім дазвалялася жыць. Гэтыя яўрэі таксама працавалі на нямецкай чыгунцы. Большасць была занятая тым, што дапамагалі рамантаваць дарогі. Напрыклад — я ўжо не магу забыць іх імёны — гэта быў Арон Кац, Марыя і кухарка, якая рыхтавала ежу людзям, з якімі працаваў мой бацька. Гэтая кухарка была яўрэйкай. Я не ведаю яе імя. Але яе называлі Дола. Мой бацька мог наведваць гета і там размаўляць з яўрэямі.

Настаў дзень, калі гета было акружана войскамі СС. Яны спыталі майго бацьку: “Колькі табе трэба?” і ён адказаў: “Мне патрэбны ўсе.” “Не, мне патрэбна шмат галоў, яны будуць расстраляныя” — сказаў афіцэр. І зараз ёсць такія добрыя хрысціяне з добрым дзіцячым сэрцам. Ён стаяў і не мог нічога зрабіць. Што ён павінен быў сказаць “Забі і мяне таксама”? У яго былі дзеці і жонка. Што ж ён павінен быў зрабіць? У яго не было такой вялікай смеласці. Ён не мог супраціўляцца. Ён быў не ў стане ўратаваць яўрэяў.

Я мог бы прачытаць вам пісьмо, якое напісаў мой бацька, каб праясніць падзеі. Гэта пісьмо, якое ён напісаў адразу пасля вайны. Ён быў вельмі хворым і быў звольнены са службы за свае перажыванні. Ён пісаў пісьмо пасля вайны, так як вельмі баяўся, што могуць забараніць пісаць гэта падчас вайны, падчас перыяду нацыянальнага сацыялізму. Дазвольце мне паказаць вам. Гэта вельмі старое пісьмо, і гэта паццвярджэнне таго, што мой бацька быў на ўсходзе.

НАША ВІНА”

Нарэшце пасля некалькіх тыдняў сур’ёзнай хваробы, якая амаль адабрала ў мяне ўсе пачуцці, я знайшоў сілы, каб напісаць пра тыя рэчы, што зрабілі мяне хворым і поўнасцю разбурылі мае нервы. Я паспрабую расказаць пра падзеі па парадку і растлумачыць, чаму выбраў такую назву свайму пісьму.

9 лютага 1942 г.я быў перакінуты ў мястэчка Параф’янава ў Польшу, каб працаваць упраўляючым.  Сярод жыхароў там было 247 яўрэяў, мужчын, жанчын і дзяцей. Яўрэі павінны былі выконваць розную работу, увогуле яны жылі ў закрытым гета. Мы, немцы (4 чалавекі), былі замацаваны за поварам-яўрэйкай па імені Дола, прыгожай маладой дзяўчынай з рыжымі валасамі. Мае салдаты не адносіліся да яе з дастатковай павагай, так як яна была для іх перш за ўсё яўрэйкай. Але хутка яна заўважыла, што ёсць нехта, хто адносіцца да яе з любоўю, і мы сталі сябрамі, хоць ніхто гэтага не заўважаў.

Аднойчы я захварэў на грып. Дола паклікала да мяне яўрэйскага фармацэўта Бэлзіна, які здабыў для мяне цудоўнае лякарства. Мае падпарадкаваныя салдаты пачалі насміхацца з мяне, з сяброўства з яўрэйкай, пачалі крытыкаваць і выказваць незадаволенасць. Калі я паправіўся, я першы раз наведаў гета. Наведванне гета было забаронена і за гэта маглі пакараць. Дзякуючы маёй хваробе, мне было дазволена хадзіць у аптэку, якая была размешчана ў гета.

Такім чынам я наведаў аптэкара і быў удзячны сустрэчы з такімі цудоўнымі людзьмі: яўрэйскімі жанчынамі Марыяй (дачкой Белзіна), Рытай (настаўніцай) і Лілі (настаўніцай фартэпіана), таксама з сям’ёй Аэрона. Гэтыя людзі расказалі мне аб сваіх праблемах і трывогах. Перад маімі вачыма паўставалі расказы то пра адно, то пра другое гора.

Кожны раз яны пыталіся: “Што будзе з намі?” Я імкнуўся растлумачыць ім, што Усявышні не пакіне іх. Дома, у сваім пакоі, я горача прасіў Бога аб дапамозе. Так, у маёй скрусе я гаварыў: “Госпадзе, я буду служыць табе верна, толькі зрабі так, каб гэтыя людзі жылі.

Аднойчы вечарам, калі я наведаў іх зноў, мы сядзелі разам і я заспяваў песню “Добрай раніцы, дабранач” пад гітару. Калі мы дайшлі да слоў “Заўтра, калі Бог пажадае, цябе разбудзіць ізноў...” Рыта заплакала і сказала: “Я адчуваю штосьці дзіўнае”. Апошнія словы, якія яна сказала, патанулі ў слязах. Гэта была апошняя ноч яе маладога жыцця.

Раніцай наступнага дня мы раптам пачулі, што гета было захоплена СС. Яўрэяў сабралі разам і выгналі на вуліцу. Тут яны павінны былі зняць абутак, паліто і курткі. Яны пачалі плакаць. Чатырнаццацігадовы хлопец паспрабаваў збегчы, аднак яго забілі. У адказ адзін яўрэй вельмі абурыўся і пачаў лаяць СС, аднак яго жорстка збілі і вымушаны былі несці на насілках. Людзей з вёскі прымусілі выкапаць вялікую яму і кожны, — дзеці і жанчыны, маладыя і старыя, павінны былі легчы тварам у зямлю. Сярод гэтых няшчасных людзей была жанчына, якая нарадзіла дзень назад. Яна была першай, хто пайшоў да магілы. Я бачыў, як яна кавыляла, гайдаючыся, і несла на руках амаль голае дзіця. Яна плакала і маліла пакінуць яго жывым. Яе груба штурхнулі ў яму і затым забілі.

Я як мага хутчэй пайшоў у свой пакой, зноў і зноў чуў выстралы, зваліўся на ложак. Зараз я страціў усё. Я ішоў за Бога 28 гадоў і зараз адбылося гэта жудаснае здарэнне. Я верыў амаль да апошняй гадзіны, што Бог захавае гэтых людзей у выніку маёй малітвы, але потым пракляў Бога і ўсіх людзей.

Я жадаў поўнага забыцця. Пакінуты Богам і ўсімі людзьмі, я выконваў свае абавязкі ў поўнай апатыі і не ведаў, што будзе са мной далей.”

Гэты аповед прымушае яшчэ раз задумацца над тым, хто або што на самай справе вінавата ў трагедыі яўрэйскага народа.

Шмат людзей было забіта ў Параф’янаве. Вайцяховіч Яніна Іванаўна, якая ў той час была маленькай дзяўчынкай, расказвае, што яе бацька хадзіў адзін дзень на станцыю (самі яны жылі ў суседніх Шантарах, зараз гэта частка Параф’янава). Прыйшоўшы, ён сказаў, што, напэўна, будуць біць яўрэяў, бо ўжо выкапалі яму.

Яніна Іванаўна расказвала: “Хутка і сапраўды пачуліся стрэлы. Яўрэяў гналі ў калоне па чатыры чалавекі. Ім сказалі, што павязуць на цягніку ў Амерыку: схлусілі, каб тыя не разбягаліся і ўзялі з сабою свае грошы (у іх былі залатыя капейкі). Ішлі яны, такія шчаслівыя, але потым убачылі, што вядуць іх не на вакзал, а да выкапанай ямы. І вось гляджу я: дзяўчынка гадоў дванаццаці – чатырнаццаці ў такой яркай ружовай сукеначцы аддзялілася ад гэтай калоны і пабегла… Шмат так прабегла, амаль да нашых дамоў… А потым яе дагнала куля… Я памятаю, як яна падала… Пасля праз некаторы час да яе падышлі двое, узялі за рукі і пацягнулі. Гэтая сцэна — самы страшны ўспамін на ўсё маё жыццё…

Пасля таго, як была праведзена аперацыя, яма так доўга краталася… Там, відаць, было шмат не забітых, а толькі параненых. Прайшло некалькі тыдняў, і яма пачала моцна смярдзець, бо выкапана была неглыбока. І хлоркай яе сыпалі, і іншыя меры прымалі, але нічога не атрымлівалася… Нельга было схаваць сляды жорсткасці і насілля...”

Аднак, як аказалася, некаторым яўрэям удалося ўцячы. Вядомы два такія выпадкі: выратаванне Кастроляў і Гейдэнсонаў.

Сям’я Гейдэнсона​

Гісторыя выратавання братоў Гейдэнсонаў здаецца проста неверагоднай. Іх хавалі ў сябе дзве сям’і: Півінскія і Станкевічы. У 1942 годзе ў маі праводзілася акцыя знішчэння гета. Нейкім чынам братам Шлому і Залману Гейдэнсонам пашчасціла ўцячы. Яны спачатку схаваліся ў папяроўку (спецыяльныя дошкі), пасля, ноччу, падаліся ў лес. Аднойчы браты пастукалі ў дом сям’і Півінскіх, якія жылі непадалёк ад станцыі, у вёсцы Целяшы. Гэта была рэлігійная польская сям’я, якая вырашыла прытуліць двух яўрэяў, кіруючыся гуманнымі меркаваннямі і рэлігійнымі матывамі.

Півінскія ведалі сям’ю Гейдэнсонаў па даваеннаму часу, аднак яны не былі сябрамі. Для ратавання братоў Гейдэнсонаў члены сям’і Півінскіх зрабілі схованку на канюшні. Там Шлома і Залман хаваліся днём, ноччу яны пераходзілі ў хату. Юзэфа Півінская і яе чатыры дачкі: Міхаліна, Людвіга, Алена і Ядвіга, кожны дзень варылі і прыносілі братам ежу, даглядалі іх, з увагай і клопатам адносіліся да іх просьбаў. Шлома і Залман хаваліся ў доме Півінскіх каля года, да вясны 1943 г., але потым ім прыйшлося пакінуць схованку. Заставацца ў вёсцы было небяспечна, таму што ў Параф’янаве размясціўся нямецкі гарнізон. Аб тым, як склаўся далейшы лёс Гейдэнсонаў, сям’я Півінскіх змагла даведацца толькі пасля вайны.

Для Шломы і Залмана зноў наступіў перыяд скітанняў. У чэрвені 1943 года іх прытуліла сям’я Станкевічаў, якія жылі на хутары Янавічы, за 3 км ад Параф’янава. Старэйшая дачка Станкевічаў Браніслава кажа, што ўспамінаць тое, што адбылося, без слёз ёй цяжка і цяпер.

Сустрэча з Праведнікам сусвету Корсун (Станкевіч) Браніславай Іванаўнай

Са слоў Браніславы Іванаўны: “Гэтыя хлопцы прыйшлі ноччу, пастукалі ў акно, прасілі ў мамы адчыніць дзверы. Але мама ім адказала, што Гейдэнсонаў даўно забілі: не паверыла, што гэта яны. Калі пад раніцу вярнуўся наш тата (ноччу ён пасвіў коней), ён загадаў маме схаваць габрэйскіх хлопцаў. А ў нас ў сям’і было пяцёра дзяцей. Шостым мама хадзіла цяжарная. Яна роспачна плакала, казала, што ўсіх нас заб’юць. І нас, і Гейдэнсонаў. Але бацька стаяў на сваім. Адказаў, што калі ёсць Бог, дык выратуемся і мы, і яны. Браты хаваліся ў нас на гарышчы хлява. Там забілі два шчыты, а паміж імі паклалі сена. Зрабілі адтуліну, каб ноччу можна было перадаваць ім ежу. Зімой грэліся ў зямлянцы, дзе захоўвалася бульба. Бацька цепліў лазню, як быццам сушыць лён.

 Нам, дзецям, бацькі не казалі, дзе знаходзяцца “пастаяльцы”. Аднойчы мы заўважылі, што мама некуды носіць ежу, і запыталі, куды гэта яна. Яна адказала, што ежа — для сабакі. А мы ж тады самі паўгалодныя хадзілі. Пасля мама прызналася, каму носіць ежу, і нават даверыла гэту справу нам. Страшна было. Прыйдуць немцы, я сяджу на печы, здаецца, зараз нас усіх пастраляюць. Меншыя дзеці не ведалі, што яны хаваюцца. Баяліся, што скажуць некаму.

Былі яны ў нас 1 год і 4 месяцы.”

Частыя паходы дзяцей на канюшню не выклікалі падазрэння ў суседзяў. У пачатку 1944 года фашысты загадалі сям’і Станкевічаў пакінуць дом. Станкевічы звязаліся з партызанамі і пераправілі ў атрад братоў Гейдэнсонаў. Аднак праз дзень Шлома вярнуўся ў дом і расказаў Івану і Марыі, што яго брат Залман загінуў. Магчыма, партызаны падазравалі яго ў шпіянажы. Тады старэйшая дачка Станкевіч Браніслава накіравалася ў  лес на пошукі другога партызанскага атрада. 11-гадовая дзяўчынка прайшла праз мноства нямецкіх пастоў, перш чым наткнулася на атрад, дзе сярод партызан былі і яўрэі (у тым ліку і Кастроль). Браніслава высветліла, што група згодна прыняць усвае рады яўрэйскага хлопца. Дзяўчынка дамовілася аб месцы і часе сустрэчы, і хутка Шлома Гейдэнсон стаў членам партызанскага атрада.

Пасля вайны ён выехаў у ЗША, а яго сын стаў амерыканскім кангрэсменам. Пачалі перапісвацца. У канцы 90-ых гадоў мінулага стагоддзя сын выратаванага Шломы, Сэм Гейдэнсон, па просьбе бацькі прыязджаў у Беларусь. Ён наведаў родныя мясціны бацькоў і абедзве сям’і, якія выратавалі яго бацьку.

Сэм Гейдэнсон, член Амерыканскага кангрэса, звярнуўся з хадатайствам у інстытут “Яд Вашем” аб прысваенні звання Праведнікаў Народаў Свету гэтым высакародным людзям. Іх маці не дажыла да гэтай падзеі. Ва ўзросце 93-х гадоў яна памерла, і званне праведніка народаў свету ёй прысвоена пасмяротна. У Ізраілі ёсць пасаджаны дрэвы ў гонар кожнага з тых, хто дапамагаў выратавацца Гейдэнсонам, зорка, названая іх іменем.

Сям’я Ш. Гейдэнсона ў ЗША з прэзідэнтам Б. Клінтанам​

Пасол ЗША ў Беларусі Майкл Козак у гутарцы з карэспандэнтам “Белорусской деловой газеты”  сказаў, што кангрэсмен Сэм Гейдэнсон прасіў перадаць сваю ўдзячнасць за выратаванне яго і за яго асабістае жыццё, якога проста не было б, калі б не ўчынак мужных беларускіх жанчын.

… Зараз на месцы трагічнай гібелі яўрэяў у Параф’янаве стаіць памятны знак. Ён уяўляе сабой рассечаны камень з пазалочаным надпісам, увасабляе абарванае жыццё, каштоўней за якое няма нічога на свеце.

Помнік ахвярам Параф’янаўскага гета​

ВЫСНОВА

Вялікая айчынная вайна – самая страшная падзея ў гісторыі нашай краіны, і менавіта гэтым вызначаецца яе значэнне не толькі для тых, хто ўдзельнічаў у ёй, але і для тых, хто нарадзіўся праз 40, 50, 60 год. 

Праблема сёння  ў тым, што адчуць вайну, прапусціць яе праз сябе становіцца ўсё складаней. Ветэраны пакідаюць нас. Веды аб вайне мы сёння больш чэрпаем з тэлебачання, літаратуры. Ці дастаткова гэтага, каб зразумець, што такое вайна?

На жаль, у апошні час у свеце з’яўляецца ўсё больш заказных “гісторыкаў”,  спрабуючых навязаць сваю праўду аб Другой сусветнай вайне, маральна рэабілітаваць забойцаў. Таму важна, ў якой форме ні была б інфармацыя: фільмы, артыкулы, выставы, яна павінна адпавядаць сапраўднасці. Праўда зайсёды адна, нават,  калі яна вельмі горкая.

Веданне падзей, дат, лічбаў – гэта важна. Але галоўнае – гэта чалавечыя лёсы, іх трагізм.  Мы павінны ведаць і разумець, што чалавекалюбства і патрыятызм – гэта святое, гэта ад Бога.    

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.